Беларускія сілавікі днямі падчас затрымання забілі «бэчэбэшніка», які параніў трох супрацоўнікаў. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 снежня падчас выступу на Усебеларускім народным сходзе.
«Вось мы не аддалі галоснасці трохдзённай даўнасці затрыманне мярзотніка. Ну, як мы яго „бэчэбэшнікам“ называлі — ліквідаваны. Але параніў трох нашых хлопцаў. Усе жывыя. Адзін цяжка паранены. Двое — лягчэй. Але яны абаранялі нас. Вось яна, гэтая нашая моладзь», — заявіў Лукашэнка.
На яго словы падняўся кіраўнік МУС Іван Кубракоў.
Пазней Лукашэнка зноў вярнуўся да гэтай тэмы, калі расказваў пра выправаджэнне палітвязняў:
«Яшчэ ж і тут яны (палітычныя апаненты. — Заўв. рэд.) ёсць. Вось я вам расказваў — затрымалі аднаго мярзотніка, параніў трох нашых. Давялося ліквідаваць. Шчыра вам кажу. Усякія ёсць яшчэ».
Іншых падрабязнасцяў палітык не прывёў. Адзначым, сілавыя ведамствы пра такое здарэнне не паведамлялі.




